30 Сьнежня 1999.
Аўтар і вядучы Юры Дракахруст.
Паважаныя радыёслухачы! Нам вельмі прыемна атрымліваць ад вас віншаваньні
з Новым годам і Калядамі.
Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў жадае нам ў сваім лісьце “шчасьця й радасьці,
аптымізму й натхненьня ў жыцьці й працы”. А Ўладзіслаў Жыгалка піша: “Каб
вы, як і ўсе беларусы, жылі багата. Каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай,
цывілізаванай дзяржаваю, каб была бліжэй да Эўропы і далей ад Расеі”.
У практычным пляне сп. Жыгалка скардзіцца на тое, што нашыя перадачы
дрэнна чуваць, па ягоных словах, часам на сярэдніх хвалях чутна лепш, чым
на кароткіх, і жадае нам, каб беларускае Радыё Свабода гучала на
FM.
Уладзімер Міцкевіч у сваім віншаваньні выказвае спадзяваньне, што прйшоўшы
год будзе апошнім у гісторыі посткамуністычнага рэжыму ў Беларусі, і над
краінаю зазьзяе зорка свабоды.
Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто даслаў нам лісты й паштоўкі з віншаваньнямі,
віншуем вас і ўсіх нашых радыёслухачоў з Новым годам і з Калядамі, жадаем,
каб Дракон, год якога наступае, быў для вас ня злым, а лагодным, і каб
ўсе вашыя “праблемы 2000” вырашыліся добра.
Але й напярэдадні сьвята нашых слухачоў турбуюць ня толькі перадсьвяточныя
клопаты. Сп-ні Казлова й Біч з Воршы ў сваім лісьце прыгадваюць драматычныя
абставіны расколу, які адбыўся ў Беларускім Народным Фронце. “Пазьняк,
– пішуць яны, – быў і застаецца заснавальнікам БНФ і лідэрам нацыі, у розуме,
цьвёрдасьці духу, сумленнасьці й адданасьці сваёй шматпакутнай бацькаўшчыне
зь ім ніхто не параўнаецца”.
У паводзінах апанэнтаў Пазьняка аўтаркі ліста з Воршы бачаць адзіную
мэту – адхіліць яго на апошні плян. “Хто ім перашкаджаў працаваць у адсутнасьць
Пазьняка? Чаму менавіта цяпер, калі над Беларусьсю навісла пагроза незалежнасьці,
распачалася валтузьня вакол імя Пазьняка, папіраючы мараль і хрысьціянскія
запаведзі?”, – пытаюць сп-ні Казлова й Біч, і робяць выснову: “Прайграла
ад гэтага Беларусь, а выйграў Лукашэнка і ягоны рэжым”. А сьпявячцы Касі
Камоцкай яны раюць навогул не выказвацца наконт Фронту й Пазьняка, а лепш
пець цудоўныя беларускія песні.
Паважаныя спадарыні Казлова й Біч! Расколы, падзелы палітычных партыяў
і рухаў, калі ўчарашнія аднадумцы й сябры разыходзяцца й робяцца ці ня
ворагамі – справа, сапраўды, драматычная. Але адбываюцца падобныя расколы
ў самых розных партыях у самых розных краінах.
Амаль адначасна з БНФ раскалоўся ўкраінскі Рух, расколваліся й Саюдзіс,
і Салідарнасьць, і камуністы, дарэчы. Лічыць, што ўсё гэта інсьпіравана
спэцслужбамі – занадта вялікі камплімэнт здольнасьцям спэцслужбаў. Падаецца,
што расколы, як і аб’яднаньні ў палітыцы – гэта справа непазьбежная. І
варта, відаць, глядзець наперад, а не назад, высьвятляючы, хто быў правы,
а хто не. Падзел адбыўся, і ў Пазьняка, і ў Вячоркі – шмат прыхільнікаў,
якія не адступяць ад сваіх кіраўнікоў.
Дарэчы, і самі кіраўнікі ўжо перайшлі ад ўзаемных абвінавачваньняў да
наладжваньня кантактаў, да знаходжаньня шляхоў агульнае працы. Іх прыхільнікам
варта зрабіць тое ж самае.
А што да Касі Камоцкай – выказвацца на тэмы Фронту, як гэта робіце вы,
нашыя слухачкі, маюць і астатнія, і сьпявачкі ў тым ліку.
Андрэй Дубіна, асьпірант Варшаўскага унівэрсытэту ў сваім лісьце да
нас выказвае свае меркаваньні наконт дыскусіі аб ролі беларускае мовы,
якая прагучала месяц таму ў “Праскім Акцэнце”. Яго ўразіла думка Вінцука
Вячоркі пра розьніцу паміж носьбітамі беларускае літаратурнае мовы й носьбітамі
беларускае мовы ўвогуле.
Аўтар бачыць праблему ў тым, што ролю гутарковага стандарту ў Беларусі
выконвае або трасянка для ніжэйшых клясаў насельніцтва, або расейскі гутарковы
стандарт для бальшыні адукаванае часткі насельніцтва. Сп. Дубіна бачыць
выйсьце менавіта ў стварэньні гэтага агульнага гутарковага стандарту на
падмурку як літаратурнай мовы, гэтак і пабытовай мовы.
Ён піша: “Менавіта канфармізм насельніцтва павінен стаць асновай моўнае
палітыкі пасьля зьмены ўлады. Гутарковы стандарт паўстане сам сабою, калі
мы адкінем рамантычныя стэрэатыпы накшталт “агеньчыка роднае мовы” і пачнем
працаваць не са створаным рамантыкамі вобразам простага люду, а з рэальным
беларускім насельніцтвам – слаба і аднабокова адукаваным, канфармісцкім
і лёгка ўнушальным”, – прапануе наш слухач, асьпірант Варшаўскага ўнівэрсытэту
Андрэй Дубіна.
Ліст нашага слухача з Баранавічаў Уладзімера Юрэні прысьвечаны той жа
тэме – шляхам беларушчыны. Ён лічыць памылкаю, што ў свой час беларускія
адраджэнцы скарысталі балтыйскую схэму: беларусы аказаліся непадобнымі
на народы Балтыі.
Сп. Юрэня прапануе адраджэнцам прыгледзецца да мадэлі паводзінаў расейскіх
абшчынаў у той жа Балтыі, якія рэальна жывуць у сваім расейскамоўным асяродку
і ў інфармацыйным полі Расеі: “Жыць геаграфічна й фізычна ў лукашэнкавай
Беларусі, а душою, розумам, мэнталітэтам быць у беларускай, ангельскай
мове, у аб’яднанай Эўропе”. Сп. Юрэня адзначае, што менскія групоўкі адраджэнцаў
ня маюць тэндэнцыі росту й не распаўсюджваюцца на “цёмную масу” беларускага
насельніцтва.
Паважаны спадар Юрэня! Прапанова вашая досыць цікавая, прычым цікавая
як адлюстраваньне самаадчуваньня людзей, апантаных беларушчынаю. Сапраўды,
рэалізацыя нацыянальнага праекту ў апошнія гады прынесла шмат расчараваньняў.
Але прапануемы Вамі варыянт ператварэньня нацыянальных асяродкаў у гета
– гэта прызнаньне паразы назаўжды.
Ёсьць у вашай прапанове і пэўная супярэчнасьць: расейцы ў Балтыі глядзяць
маскоўскую тэлевізію, у нас жа іншай, эўрапейскай Беларусі няма. Эўропа
– гэта ня нацыя, і быць у абстрактнай Эўропе – гэта ня быць нідзе. Усё
ж такі нацыянальная сьвядомасьць, беларускасьць ёсьць сьвядомасьцю менавіта
нацыі, а не адной эліты.
Чамусьці часам беларушчына лічыцца нейкай вызначанай формулаю, адкрытай
інтэлектуаламі, якую трэба ўпіхнуць у галовы “цьмянаму”, як Вы пішаце,
насельніцтву. А можа беларушчына – гэта тое, што ствараецца сёньня ўсёй
нацыяй, уся сукупнасьць прароцтваў, глупства, мудрасьці й забабонаў?
З гэтага пункту гледжаньня ўсё выглядае не такім ўжо і сумным. Не пазбавілась
жа Беларусь чамусьці за 8 гадоў сваёй незалежнасьці. Дзякуючы эліце? Часткова
так, хаця больш падобна на тое, што як раз эліта прайграла ўсё, што толькі
можна. Хутчэй дзякуючы беларушчыне – якая ня ёсьць ўласнасьцю пэўных груповак,
а таямнічым чынам разьлітая ва ўсім грамадзтве.
Яна й надалей выратуе нас на нашым шляху.
Куды? Хаця б у Новы год, зь якім я шчыра віншую ўсіх нашых слухачоў.
Юры Дракахруст, Менск