Маскоўскі суд разгледзіць справу Аляксандра Крутога і мае прыняць рашэньне, ці можна вызваліць яго ад прымусовага лячэньня.
Праваабаронца Ганна Шапуцька кажа, што ён не атрымлівае аніякага лячэньня, а проста знаходзіцца ў псыхіятрычнай лякарні.
Сам спадар Круты адказвае на тэлефаваньні, але ня мог доўга размаўляць з журналістам Радыё Свабода: «Гэты суд — абсурд. Ніхто ня можа мяне судзіць другі раз за адно і тое ж. Але ж сёньня нешта вырашыцца. Я ў нармальных умовах знаходжуся, магло быць і горш. Але што такое псыхіятрыя, вам не расказаць. Гэта трэба самому тут пабываць».
Мікалай Бамбіза, сваяк Аляксандра Крутога, вельмі спадзяецца, што яго выпусьцяць: «На жаль, у нашым кодэксе так напісана, што адным судом яго прызналі псыхічна неўраўнаважаным і прызначылі лячэньне. А цяпер вось трэба другі суд, каб яго выпусьцілі. Але я вельмі спадзяюся, што выпусьцяць. Ён ужо паўгады свае адбыў. І калі ўжо дактары далі заключэньне для суда, то можа яно й станоўчае»
Аляксандар Круты, які быў затрыманы падчас працэсу над Канавалавым і Кавалёвым, знаходзіцца на прымусовым лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі ў «Навінках».
Дачка Аляксандра Інэса Крутая пацярпела ад выбуху ў мэтро. Спадар Круты ўдзельнічаў у працэсе Кавалёва-Канавалава як прадстаўнік пацярпелай, задаваў шмат пытаньняў, але на шосты дзень пасьля пачатку працэсу быў затрыманы.
22 верасьня Аляксандар Федарцоў, які старшыняваў на працэсе Кавалёва і Канавалава, часткова зачытаў пастанову пра затрыманьне Крутога:
«17 жніўня, знаходзячыся ў кабінэце адной з мэдыцынскіх устаноў Менску, наўмысна зьдзейсьніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і пагардай да нормаў маралі (...) выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара».
7 сьнежня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раёну Аляксандар Кострыкаў на закрытым пасяджэньні прызнаў Аляксандра Крутога псыхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лячэньне.
«Калі б я заставаўся на працэсе, то даказаў бы, што Канавалаў і Кавалёў ні пры чым», — кажа Круты.
Відэаінтэрвію Аляксандра Крутога ў Навінках, 20 красавіка 2012