Працаваць на БТ ахвотных няшмат

Дзяржпадтрымка беларускіх тэлеканалаў у 2013 годзе мае значна скараціцца.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 27 лістапада на сустрэчы са старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам. Але Закон аб дзяржбюджэце на наступны год ужо прыняты, і там дакладна прапісаныя сумы дзяржпадтрымкі тэлебачаньня і радыё. Як стасуецца адно з адным?

У дзяржаўным бюджэце на 2013 год на тэлебачаньне і радыёвяшчаньне выдзелена 514 674 681 300 рублёў. Зь іх на Нацыянальную тэлерадыёкампанію — больш за 450 мільярдаў. Па цяперашнім курсе — каля 53 мільёнаў даляраў. Дарэчы, гэта на 10 мільёнаў больш, чым выдзялялася на 2012 год. Да таго ж БТ зарабляе і само — на рэкляме, ад здачы ў арэнду тэлевізійнай тэхнікі, ад іншых відаў дзейнасьці. Колькі — невядома. Адзін з кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі кажа:

«Гэта закрытая інфармацыя. Закрытыя лічбы».

Невядома таксама, і як разьмяркоўваюцца гэтыя сродкі. Былы намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Эдуард Мельнікаў кажа, што тэлевізійная тэхніка, новыя тэхналёгіі — рэчы нятанныя. Але БТ аснашчана даволі добра:

«Усё ж такі вонкава тэлебачаньне выглядае няблага: там і кампутарная графіка, выдатная здымачная тэхніка — туды ж увалілі такія грошы! Так што зараз там усё цудоўна, абсталяваньне — на лепшым эўрапейскім узроўні. Зьмест — гэта іншая справа. Але тэхнічна, эканамічна — там усё добра. Ну, а прадукт нас не задавальняе з ідэалягічных прычын. А што тычыцца ягонай тэхнічнай якасьці і нават творчай якасьці ў сэнсе густу апэратараў, рэжысуры — усё выдатна на БТ у тэхнічным і тэхналягічным пляне».
Усё выдатна на БТ у тэхнічным і тэхналягічным пляне


Колькі сродкаў ідзе на тэхнічнае аснашчэньне, колькі на аплату працы — таксама таямніца. Кажуць, што ў Агенцтве тэлевізійных навінаў заробкі значна большыя, чым у іншых падразьдзяленьнях. Заробкі і ганарары на тэлебачаньні таксама вышэйшыя, чым на радыё, апавяла адна журналістка:

«У 10 разоў роўна адрозьніваюцца ганарары грамадзка-палітычных і звычайных праграм. Гэта на радыё. На тэлебачаньні — там наагул вялікая розьніца ў заробках. Я не разумею, як так можа быць у адной арганізацыі, але так ёсьць. Але зараз і кіраўніцтва, беднае, стогне і ходзіць выкладаць у ВНУ, таму што рэклямы амаль няма. Калі 2-3 рэклямы гучыць, гэта ўжо добра…»

Заробкі ў бальшыні творчых супрацоўнікаў да абяцаных 500 даляраў не даходзяць. На біржы працы, на адмысловых сайтах карэспандэнту прапануюць заробак у 1,5 мільёна — журналісцкіх вакансіяў у Белтэлерадыёкампаніі шмат, ахвотных мала. Вопытная радыёжурналістка з 30-гадовым стажам шчыра прызналася, колькі зарабляе:

«Зараз 3 мільёны 200 тысяч з ганарарам. 900 тысяч зь нечым аклад. Здаецца, 990 — крыху да мільёна не хапае. І ганарар. Але ж у мяне па 3 праграмы на тыдзень — гэта шмат працы. Але да гэтага месяца я 2 мільёны 200 тысяч атрымлівала. А маладыя, у якіх ні стажу, ні надбавак, — яшчэ менш».

На сустрэчы з кіраўніком БТ Генадзем Давыдзькам Лукашэнка заявіў, што ўсе бюджэтныя структуры падпадаюць пад рэфармаваньне, якое прадугледжвае скарачэньне на 25–30% і павелічэньне эфэктыўнасьці.


Супрацоўнік БТ: «Будзе вялікае скарачэньне, і ня толькі фінансавае, але і кадравае. Кажуць, што будуць скарачаць штат на 30–35%. Ведаеце, колькі ў нас працуе „стукачоў“ у ахове? 70 чалавек, якія, выбачайце, нічога ня робяць. Гэта пры тым, што паўсюль відэакамэры: у калідорах, мантажных».

Вось толькі каго будуць скарачаць, невядома: ахоўнікаў, шматлікіх сакратарак альбо творчых супрацоўнікаў? На думку мэдыяэкспэрта Эдуарда Мельнікава, паколькі радыё і тэлебачаньне — грамадзкія і фінансуюцца зь дзяржбюджэту, бюджэт Белтэлерадыёкампаніі павінен быць празрыстым:

«Іншая справа — што Белтэлерадыёкампанія зрабілася закрытай структурай, і грамадзтва ня ведае, што робіцца ў гэтай структуры. А павінна ведаць грамадзтва, каб тэлебачаньне было сродкам інфармаваньня грамадзтва і з удзелам грамадзтва. Тады будзе грамадзкае тэлебачаньне, а не лукашэнкаўскае».

Рэспубліканскі бюджэт на 2013 год зацьверджаны Нацыянальным сходам чацьвёртага скліканьня яшчэ 10 кастрычніка. Ён мае сілу закону і зарэгістраваны ў Нацыянальным прававым рэестры. На думку юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, альбо БТ мае яшчэ іншыя крыніцы фінансаваньня, акрамя бюджэту, альбо кіраўнік дзяржавы дэманструе, што гэты закон можна лёгка парушыць.