31 жніўня судзяць былога супрацоўніка гатэля «Эўропа» Дзьмітрыя Іванчанку

Адміністрацыйная справа ў Заводзкім судзе Менску будзе разглядацца без падсуднага: з траўня Іванчанка хаваецца ад спэцслужбаў за мяжой.

У лістападзе 2011-га былы інструктар фітнэс-цэнтру «Эўропы» Дзьмітрый Іванчанка расказаў, што ў гатэлі спэцслужбы вядуць татальнае праслухоўваньне ўсіх нумароў, незалежна ад таго, хто ў іх жыве, а таксама праглядаюць інтэрнэт-злучэньні, піша сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

У траўні Дзьмітрыя Іванчанку затрымалі спэцназаўцы, у судзе супраць яго сфальсыфікавалі справу і абвінавацілі паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу — лаянка ў грамадзкім месцы. Выйшаўшы з Акрэсьціна, Дзьмітрый зьехаў за мяжу. Нядаўна выявілася, што яго абвінавачваюць паводле артыкула 9.1 Адміністрацыйнага кодэксу — наўмыснае нанясеньне цялесных пашкоджаньняў.

«Заяву напісала мая суседка Ала Васкабовіч, — кажа ён. — Як разумею, у яе сын сядзеў. І націснуць на гэтую сям’ю цяжкасьці ня склала. Самае цікавае, што справу завялі ў той час, калі мяне не было ў Беларусі».