Глыбокае перад Днём беларускага пісьменства

Ужо некалькі месяцаў людзі ў Глыбокім жывуць нібыта на будаўнічай пляцоўцы. Як і пад «Дажынкі», пад Дзень беларускага пісьменства і друку, які сёлета будуць адзначаць 2 верасьня, выдаткоўваюцца значныя сродкі на добраўпарадкаваньне. Таму ў Глыбокім цяпер няспынна дзе кладуць плітку, дзе паднаўляюць будынкі на цэнтральных вуліцах, а дзе і нішчаць старую забудову.
Прыкладам, пад новую аўтастаянку зьнішчылі пабудову 18-га стагодзьдзя, рытуальную габрэйскую лазьню-мікву, гаворыць мясцовы краязнаўца Ўладзімер Скрабатун, зь якім пад грукат будаўнічай тэхнікі давялося прагуляцца па Глыбокім:

«Вось дзе гатэль, то бліжэй на 20 мэтраў і была тая міква. Казалі, што ўсё вызначана — што яе будуць рэстаўраваць пад нейкі турыстычны аб’ект, пад офіс. І вось — цяпер стаянка. Нібыта галоўная мэта — гэта адрэстаўраваць будынак райвыканкаму і ўнівэрмагу».

Спадар Скрабатун дзівіцца: сяміпавярховы цагляны будынак райвыканкаму «ўцяпляюць», як гэта робяць з жылымі дамамі — «абшываюць» панэлямі з адмысловых матэрыялаў. Што яшчэ больш дзіўна — гэткім самым чынам «уцяпляюць» унівэрмаг:

«Нармальны быў будынак. Не, столькі грошай убахаюць, пад „футра“ затынкуюць... А во — гэта яшчэ шэдэўр! Сучасную „хрушчоўку“ перарабілі пад барока! Ліштвы навесілі з пэнаплясту, усё такое. Не, можа гэта і прыгожа... але каб сучасны будынак перарабіць пад даўніну?»

На думку краязнаўцы, сучасныя будынкі лепей было не чапаць — той самы райвыканкам праз 30–40 гадоў таксама стаў бы ўжо помнікам архітэктуры. Варта было б пашкадаваць і старыя дрэвы — іх месцамі сьпілоўваюць, пакідаючы голыя плешкі.


Глыбокае перад Днём беларускага пісьменства



Голая плешка ўтварылася і ў тым месцы, дзе яшчэ месяц таму быў помнік Леніну. Помнік зьнесьлі, і, паводле некаторых зьвестак, на гэтым месцы будзе галерэя скульптурных бюстаў знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны. У прыватнасьці, заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага, мастака і пісьменьніка Язэпа Драздовіча, авіяканструктара Паўла Сухога і нават прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага, апавёў Уладзімер Скрабатун:

«Мне чыноўнік адзін казаў, што будуць бюсты нашых славутых землякоў, Ластоўскага, Сухога... Я ня ведаю нават, верыць гэтаму ці не!»

Асаблівае веры спадар Уладзімер не дае, бо ня бачыць зрухаў у патрыятычным кірунку — здавалася б, набліжаецца Дзень беларускага пісьменства і друку, а беларушчыны ў Глыбокім ніяк не пабольшала. У якасьці прыкладу Ўладзімер Скрабатун паказвае на красамоўную шыльду Глыбоцкага кансэрвавага заводу, дзе напісана «Купцовъ» — па-расейску, зь «ерам» у канцы.

«І гэта будзе якраз у цэнтральнай частцы сьвята! І ўвогуле да Дня беларускага пісьменства я ня бачыў, каб памянялі хоць адну шыльду. На дарозе ўказальнікі памянялі, яны былі па-расейску. А на вуліцы — грошай не хапіла. Вось на вуліцы Леніна месьціцца ўсё, што ёсьць у Глыбокім галоўнага: прадпрыемствы, райвыканкам, розныя ўстановы. Але вуліца Леніна — так і засталася Леніна».

Каб вярнуць ёй гістарычнае найменьне Замкавая, трэба перарабіць шмат дакумэнтаў і пячатак, патлумачылі Ўладзімеру Скрабатуну. А гэта каштуе шмат грошай. Тым ня менш на новых шыльдах «улица Ленина» таксама напісаная па-расейску.

Шмат якія будынкі на гэтай цэнтральнай вуліцы яшчэ ў рыштаваньнях, хоць у «пашпартах будаўнічых аб’ектаў» пазначана, што значную частку іх павінны былі здаць яшчэ на пачатку чэрвеня.

Your browser doesn’t support HTML5

«Калі будуць грошы, кляштар ужо разваліцца!»