Магілёвец просіць пакараць міліцыянта, які не абараніў ягоную нацыянальную годнасьць

Яўген Каралькоў

Жыхар Магілёва, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Яўген Каралькоў зьвярнуўся ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму, каб яно правяло службовае расьсьледаваньне супраць маёра міліцыі Віталя Хаўратовіча, які не абараніў, як сьцьвярджае Каралькоў, гарантаванае яму канстытуцыйнае права на абарону нацыянальнай годнасьці.
Каралькоў вінаваціць міліцыянта, што той не выканаў свае службовыя абавязкі і просіць прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасьці.

Нагодай для звароту да міліцэйскага начальства вобласьці стаўся, як заяўляе Яўген Каралькоў, інцыдэнт з замежнікам, які выкрыкваў абразы на адрас беларусаў.

«15 красавіка позна ўвечары я вяртаўся дамоў і каля кінатэатра „Ветразь“ пачуў як мужчына выкрыкваў „Беларусы — к...ы, Беларусы кан...ны“. Ён быў з жанчынай і малым дзіцём на падпітку. Калі я наблізіўся, то ён да мяне: „Вось яшчэ адзін...“ Я пайшоў у дыска-клюб і выклікаў міліцыю. Яна прыехала хутка. Але мужчына не сунімаўся, мацюкаўся. Пасьля непрацяглага высьвятленьня міліцыянты мне паведамілі, што яны адпускаюць мужчыну», — распавядае Каралькоў.

«Маёр мне патлумачыў, што пры іх мужчына ніякіх правапарушэньняў не зьдзяйсьняў. На маё: „Дык пры мне зьдзяйсьняў“ міліцыянт не адрэагаваў. Я перапісаў імя і прозьвішча маёра. Пазьней я даведаўся, што мужчына, які абражаў беларусаў азэрбайджанец. Мне сказалі, што нібыта да інцыдэнту нехта неяк „зачапіў“ гэтага мужчыну.Такое недапушчальна, хто ж тады беларусаў будзе лічыць людзьмі», — кажа Каралькоў.

Яўген Каралькоў зьвернецца ў суд з пазовам пра абарону годнасьці супраць міліцыянта і замежніка, імя якога актывіст зьбіраецца даведацца праз пракуратуру. Туды ён зьвернецца з адпаведнай скаргай.