Беларусь застаецца па-за Балёнскім працэсам

Беларусі не далучыцца да Балёнскага працэсу прынамсі да 2015 году.
Беларускае пытаньне зьнятае з парадку дня бліжэйшага саміту міністраў адукацыі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які адбудзецца 26–27 красавіка ў Бухарэсьце. Пра гэта паведамляе European Voice.

Яшчэ ў студзені 2012 году працоўная група Балёнскага працэсу (Bologna Follow-Up Group) рэкамэндавала адмовіць Беларусі ў далучэньні. Аднак канчатковую пастанову павінны прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсьце.

Ці трэба Беларусі далучацца да Балёнскага працэсу? Старшыня пастаяннай камісіі па навуцы, адукацыі і культуры Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч кажа:

Уладзімер Здановіч

«Гэта ж не ад нас залежыць, а ад тых, хто прымае рашэньне па прыняцьці Беларусі ў Балёнскі працэс. Мая думка такая: калі б той бок, заходні, хацеў прыняць Беларусь, то даўно ўжо прыняў бы. А выказваць нейкія меркаваньні, што не выконваецца той пункт ці нейкі іншы — гэта не зусім прыхарошвае той бок. Нават неяк няёмка.

Прынамсі, паглядзіце, якія краіны ўступілі ў Балёнскі працэс і якія патрабаваньні выстаўляліся да іх. То мы бачым, што яны былі значна меншыя, чым да Рэспублікі Беларусь. Таму гэта перадузяты падыход. Я яго не вітаю. Выказваць нейкія палітычныя патрабаваньні — на мой погляд, не зусім гэта добра вяжацца з адукацыяй».

Былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў выказаў такое меркаваньне:

Уладзімер Дунаеў

«Гэта ня проста трэба, але непазьбежна. Бо Беларусь прэтэндуе на разьвязаньне сваіх эканамічных праблем у галіне адукацыі. Неабходнасьць сапраўднай інтэрнацыяналізацыі і прывядзеньня ў адпаведнасьць з Балёнскімі прынцыпамі, таму што Балёнскія прынцыпы дзейнічаюць паўсюль, акрамя Беларусі. І сёньня нават чыноўнікі Мінадукацыі самі прызнаюцца, што нават кітайцы задаюць пытаньне: „А як у вас з Балёнскім працэсам?“ Ды ніяк. Чаму? Не атрымалася і гэтым разам... Ёсьць канфлікт каштоўнасьцяў — беларускіх і эўрапейскіх. Канфлікт перашкаджае Беларусі ўступіць у Балёнскі працэс. Гэта адсутнасьць належнай аўтаноміі ў ВНУ, адсутнасьць акадэмічных свабодаў і грамадзкага ўдзелу ў вышэйшай адукацыі. Скандал страшэнны. Таму што першы раз краіну не прымаюць».

Наступная сустрэча міністраў пройдзе ў 2015 годзе ў Ерэване. Там беларускую заяўку могуць разгледзець наноў.