Экспэрт уплывовага польскага аналітычнага Цэнтру міжнародных адносінаў Войцех Бародзіч-Смалінскі апублікаваў артыкул з аналізам сытуацыі ў Беларусі і беларуска-эўрапейскіх стасункаў.
«Адкліканьне амбасадараў і недахоп пэрсаналу ў дыпляматычных прадстаўніцтвах у доўгатэрміновай пэрспэктыве можа прывесьці да небясьпечнага для Беларусі перафармуляваньня эўрапейскай палітыкі. ЭЗ можа абраць, да прыкладу, рэалістычны і прагматычны курс, што адкрые поле для адступленьня ад аўтаноміі / незалежнасьці Беларусі», піша Бародзіч-Смалінскі (пераклад «Нашай нівы»).
Калі гэта адбудзецца, можна меркаваць, што новая палітыка ў дачыненьні да Менску будзе сфармаваная на падставе наступных ацэнак:
а) Эўрапейскі Зьвяз ня будзе мець патрэбы ў поўным складзе сваіх дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі, каб эфэктыўна абараняць свае інтарэсы;
б) дзяржавы Саюзу могуць дазволіць сабе цьвёрды курс у дачыненьні да Менску і зьніжэньне рангу дыпляматычных місіяў, бо гэта не паўплывае на дынаміку разьвіцьця эканамічных адносінаў. Палітычныя адносіны будуць фармавацца з улікам пазыцыі Расеі як боку, які мае ўплыў на палітычныя падзеі ў Беларусі;
в) ступень інтэграцыі Беларусі з Расеяй у рамках інтэграцыйных структураў (...) спрыяе таму, каб галоўны цэнтар прыняцьця эканамічных рашэньняў быў перанесены ў Маскву, а Менск толькі фармальна захаваў атрыбуты сувэрэнітэту: пасаду прэзыдэнта, парлямэнт, войска, сьцяг, гімн, пашпарты і г.д.;
г) Эўрапейскі Зьвяз згодны, што Беларусь можа часова страціць сваю незалежнасьць. Дэмакратычныя перамены ў гэтай краіне немагчымыя без глыбокіх палітычных і дэмакратычных зьменаў у Расеі.
Рызыкоўная новая палітыка ЭЗ у дачыненьні да Менску, сфармаваная на аснове прыведзенай вышэй гіпатэтычнай ацэнкі сытуацыі, можа прыняць наступны выгляд:
- Прысутнасьць супрацоўнікаў амбасадаў зьвядзецца да мінімуму;
- гандлёвыя прадстаўніцтвы ўзмоцняць пазыцыі за кошт дыпляматычных прадстаўніцтваў;
- беларускія аддзелы, якія адказваюць за маніторынг сытуацыі, могуць быць пераведзеныя ў амбасады адпаведных краін ЭЗ у Маскве;
- падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі будзе ажыцьцяўляцца і надалей, ніякіх сур’ёзных зьменаў тут не чакаецца;
- ЭЗ па-ранейшаму гатовы сыстэмна і імгненна падтрымаць зьмены ў Беларусі ў выпадку, калі іх даб’ецца мясцовае насельніцтва, як гэта было ў выпадках Эгіпту, Тунісу і Лібіі.
Яшчэ некаторыя высновы польскага аналітыка:
- «Беларускі бок таксама павінен зразумець, што спроба гуляць з уласнай незалежнасьцю, шантажуючы Эўразьвяз (зь якім трэба было б супрацоўнічаць, бо інакш беларускі бок штурхае краіну ў абдымкі Расеі), нікуды не вядзе», — піша аналітык. — «Страта сувэрэнітэту Беларусі адбудзецца не ў адно імгненьне».
- «Грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі не існуе: мы бачым толькі яе зародкі, але яна можа гэтаксама разьвівацца і ў сытуацыі, калі Беларусь ня будзе афіцыйна незалежнай дзяржавай».
- «Захад можа працягваць інвэставаць у Беларусь, дбаючы аб сваіх інтарэсах і будуючы добрыя адносіны, але Аляксандар Лукашэнка і ягонае асяродзьдзе мусяць разумець, што без сур’ёзных структурных рэформаў Беларусь робіцца ўсё менш прывабная ў эканамічным пляне».
- «Інвэстыцыі ў гэтай краіне разьлічаныя на даўжэйшы час, каб, магчыма, перажыць Лукашэнку — для бізнэсу няма розьніцы, разьвівацца яму ў межах Рэспублікі Беларусь ці ў Беларускай губэрні. У абодвух выпадках сваю выгаду яны прынясуць».
Высновам Бародзіча-Смалінскага будзе прысьвечаны бліц-аналіз «Свабоды». Пазьней — на сайце і ў эфіры.
Войцех Бародзіч-Смалінскі — аналітык польскага Цэнтру міжнародных адносін, сярод фундатараў якога — Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны Польшчы.