Былога палітвязьня Вінаградава судзяць пад Новы год

Павал Вінаградаў

Менская міліцыя склала на актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава пратакол аб дробным хуліганстве. Яго справа перададзеная ў суд, а сам Павал затрыманы.
Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка Вінаградава Сьвятлана. Паводле яе словаў, сёньня судовы працэс не адбыўся.

Міліцыя да суду адвезла Паўла Вінаградава ў турму на Акрэсьціна. Ягонай жонцы Сьвятлане паведамілі, што працэс адбудзецца альбо 31 сьнежня, альбо 2 студзеня.

Раней па тэлефоне Павал пасьпеў паведаміць, што яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта лаяўся матам.

Учора паводле такога ж абвінавачваньня да 5 сутак арышту быў засуджаны актывіст апазыцыі Андрэй Крэчка.

Павал Вінаградаў — адзін зь вязьняў Плошчы, сёлета ён быў асуджаны да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, 13 верасьня ён быў адпушчаны паводле рашэньня Лукашэнкі.