Берасьце. Актывістаў БХД Шурхая і Чаркашына вінавацяць у брыдкаслоўі

Зьміцер Шурхай, архіўнае фота.

У Маскоўскім РАУС Берасьця склалі пратаколы за брыдкаслоўе на каардынатараў БХД Зьмітра Шурхая і Алеся Чаркашына, якіх затрымалі на шляху з Кобрыні.

Зьміцер Шурхай пасьпеў паведаміць па тэлефоне: «Зараз міліцыянт Аляксандар Бурдыка складае пратакол, што я мацюкаўся ў грамадзкім месцы. Мабыць, шаша ад Кобрыні да Берасьця зьяўляецца грамадзкім месцам. Зараз гэты Бурдыка крыху пачырванеў, але кажа, што я мацюкаўся. Складае пратакол па артыкуле 17.1 адміністрацыйнага кодэксу».

Пазьней тэлефон спадара Шурхая перастаў адказваць.

Другі затрыманы, Алесь Чаркашын, паведаміў праз смс, што на яго таксама складаюць пратакол паводле артыкулу 17.1 адміністрацыйнага кодэксу.

Прадпрымальнік Уладзімер Катрыч, паплечнік затрыманых, перакананы, што гэтае затрыманьне і пратаколы зьвязаныя з надыходзячым зьездам БХД.

Каардынатар аргкамітэту БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай разам з кіраўніком аргкамітэту па Берасьці Алесем Чаркашыным былі ў працоўнай паездцы па вобласьці: езьдзілі ў Кобрын, рыхтуючыся да плянаванага ўстаноўчага зьезду БХД.