На студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ціснуць за салідарнасьць з палітвязьнямі

Актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Салдаценку і Мікіту Каваленку, якія адседзелі суткі за ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі 25 кастрычніка, выклікалі ў дэканат Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аляксандар Салдаценка за ўдзел у акцыі атрымаў 7 сутак арышту, Мікіта Каваленка — 10 сутак. Пасьля адсідкі хлопцаў выклікалі ў дэканаты і запатрабавалі напісаць тлумачальныя запіскі. Пісаць тлумачальныя студэнты адмовіліся.

Аляксандру Салдаценку было вынесена папярэджаньне за подпісам рэктара МДЛУ Натальлі Баранавай. Копію дакумэнту Аляксандру выдаць адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што гэта «ўнутраная дакумэнтацыя ўнівэрсытэту».