У судовым працэсе аб тэракце ў менскім мэтро розныя дзяржаўныя арганізацыі патрабуюць спагнаць з абвінавачаных Канавалава і Кавалёва 4 мільярды беларускіх рублёў. Каля 3 мільярдаў патрабуе менскі мэтрапалітэн, астатнія грошы — Міністэрства аховы здароўя, унутраных спраў, МНС і іншыя.
З Канавалава дадаткова патрабуюць спагнаць яшчэ 183 мільёны. Канавалаў прызнаў патрабаваньні, якія тычацца эпізодаў 2008 і 2011 гадоў, Кавалёў усе патрабаваньні прызнаваць адмовіўся, паколькі не прызнае сябе вінаватым у тэрактах.
На завяршэньне судовага сьледзтва адвакаты абодвух абвінавачаных заявілі хадайніцтвы. У прыватнасьці, адвакат Кавалёва Абразей выставіў хадайніцтва паводле 8 пунктаў. Ён просіць даць яму магчымасьць дасьледаваць відэазапісы з мэтро, бо лічыць, што ў іх ёсьць сьляды мантажу. Таксама просіць выклікаць экспэртаў ФСБ, якія рабілі заключэньні адносна выбуховак, дапытаць сьведку Давыдава — супрацоўніка КДБ. Адвакат Канавалава таксама просіць зрабіць экспэртныя заключэньні ў пытаньнях дзейнасьці Канавалава і Кавалёва да 2005 году аб выбухах у пад’ездазх. А менавіта, ці гэта былі гэта выбухі адмысловых прыстасаваньняў і ці несьлі яны пагрозу для людзей. Гэтыя пытаньні будуць вырашацца ў судзе ў першай палове заўтрашняга дня.
Сёньня ў першай палове дня на знак пратэсту пакінуў судовае пасяджэньне пацярпелы Самвэл Саакян. Да гэтага ён фактычна кожны дзень прысутнічаў на пасяджэньні, вёў аўдыёзапіс. Саакян да гэтага падаў хадайніцтва, каб у судзе былі заслуханыя тыя супрацоўнікі «Алмазу», якія затрымлівалі падазраваных Канавалава і Кавалёва. Судзьдзя сёньня канчаткова адхіліў гэтае хадайніцтва, таму што, паводле яго, абставіны затрыманьня вывучаліся працэсуальна.
Сёньня ж у судзе былі зачытаныя паказаньні міліцыянта Зайцава, супрацоўніка «Алмазу», які ўдзельнічаў у разьмінаваньні выбуховай прылады ў 2008 годзе ( на сьвяце незалежнасьці) і чамусьці ўзяў гэтую прыладу ў рукі. Такім чынам, на гэтай прыладзе былі знойдзеныя як адбіткі яго пальцаў, так і Канавалава. Пацярпелы Саакян таксама патрабаваў выкліку гэтага сьведкі, у чым яго падтрымлівалі адвакаты. Але суду была прадстаўленая даведка, што Зайцаў знаходзіцца ў камандзіроўцы да 4 лістапада і зачытаныя яго паказаньні. Паводле іх, ён проста падышоў, узяў у руку гэта выбуховае прыстасаваньні і паклаў назад. Пасьля гэтага прылада была абясшкоджаная. Адказу, чаму ён так зрабіў, атрымаць не ўдалося.