На Кастрычніцкай плошчы Менску прайшла чарговая акцыя ў падтрымку палітвязьняў. Не пасьпелі чацьвёра актывістаў разгарнуць партрэты палітвязьняў, як былі гвалтам затрыманыя. Усяго вядома пра шэсьць затрыманых на плошчы.
Your browser doesn’t support HTML5
Акцыя салідарнасьці 25.10. Затрыманьні
19:25 Удзельнікі акцыі пачынаюць разыходзіцца. Некаторыя гавораць, што пойдуць у Чырвоны касьцёл, дзе будуць маліцца за вызваленьне палітвязьняў. Акцыя скончылася.
19:10 Міліцыянты затрымалі яшчэ дваіх. Гэта жанчына, якая толькі пасьпела сказаць, што яе завуць Галіна, і мужчына. Жанчына абуралася з нагоды таго, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні. Яе і мужчыну ўпіхнулі ў мікрааўтобус і кудысьці павезьлі.
19:05 На плошчы затрымалі чатырох актывістаў. Яны разгарнулі партрэты палітвязьняў і пачалі скандаваць «Свабоду палітвязьням». Да іх адразу падбеглі міліцыянты ў цывільныім і парвалі партрэты. Актывісты селі на зямлю, счапіўшыся рукамі, але іх сілай зацягнулі ў мікрааўтобус. Затрыманыя Алег Ракоўскі, Алег Рахоўскі і Аляксандар Салдаценка, а таксама былы палітвязень Сяргей Казакоў.
18:55 На Плошчы шмат людзей зь сілавых струкураў, якія традыцыйна апранутыя ў цывільную вопратку. За Палацам Рэспблікі стаяць аўтазак і два мікрааўтобусы без нумароў. На ўваходзе ў мэтро «Кастрычніцкая» таксама стаяць людзі ў цывільным.