Мядзьведзеў Кудрыну: "Але пакуль я прэзыдэнт..."

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксей Кудрын

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў віцэ-прэм'еру і міністру фінансаў Аляксею Кудрыну на працягу дня прыняць рашэньне аб адстаўцы.

Сёньня падчас пасяджэньня прэзыдэнцкай камісіі па мадэрнізацыі, якое праходзіць ва Ўльянаўскай вобласці, Мядзьведзеў заявіў, што кожны, хто сумняецца ў курсе прэзыдэнта і ўраду, мае права зьвярнуцца да яго з заявай аб адстаўцы, паведамляе ВВС.

Раней віцэ-прэм'ер і міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, знаходзячыся з візытам у Вашынгтоне, заявіў, што ня мае намеру працягваць працу ў наступным ўрадзе, калі прэм'ерам будзе Дзьмітры Мядзьведзеў.

У мінулыя выходныя на зьезьдзе "Адзінай Расеі"Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў абвясьцілі, што партыю на выбары павядзе Мядзьведзеў, які, у выпадку яе перамогі, узначаліць урад, а на пасаду прэзыдэнта будзе балятавацца Пуцін.

"Вам трэба будзе вызначыцца вельмі хутка і сёньня даць мне адказ. Ці вы зыходзіце з таго, што рознагалосьсі, якія вы называеце, не існуюць, і тады вам прыйдзецца з гэтай нагоды даць камэнтар. Калі ж гэтыя рознагалосьсі існуюць, я іншага выйсьця ня бачу, хоць мне, вядома, непрыемна », - сказаў Мядзьведзеў, зьвяртаючыся да Кудрына.

Кудрын адзначыў, што ў іх з прэзыдэнтам сапраўды існуюць рознагалосьсі, аднак перад прыняцьцем рашэньня аб адстаўцы ён параіцца з Пуціным.

"Вы можаце параіцца з кім заўгодна, у тым ліку з прэм'ер-міністрам, але пакуль я прэзыдэнт, такія рашэньні я прымаю сам", - адказаў Мядзьведзеў.