Беларускі небасхіл Аляксандра Рыбака

Аляксандар Рыбак

Сьпявак беларускага паходжаньня, які здабыў сусьветную вядомасьць пасьля перамогі на конкурсе “Эўравізія-2009”, запісаў для праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2” беларускую вэрсію свайго гіту “Europe’s Skies”. У беларускай інтэрпрэтацыі Глеба Лабадзенкі песьня атрымала назву “Небасхіл Эўропы”, піша Сяргей Будкін на партале “Тузін гітоў”.

http://www.youtube.com/embed/VBQXEmb66fQ

Пэрспэктыву запісаць песьню па-беларуску Аляксандар Рыбак адразу палічыў за прывабную. Сам дасканала беларускай мовы ён ня ведае – Рыбакова сям’я пераехала зь Менску ў Осла, калі Сашу было пяць гадоў. Таму карыстаецца ў асноўным нарвэскай ды ангельскай, на размоўным роўні валодае расейскай. Для першых сваіх канцэртаў у Беларусі пасьля перамогі на конкурсе “Эўравізія-2009” Рыбак развучыў разам з маці «Купалінку». Упадабаў і пераклад «Fairytale» Сержука Сокалава-Воюша, зроблены ў межах конкурсу, абвешчанага “Радыё Свабода». Але для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» ён захацеў выканаць іншы свой гіт – «Europe’s Skies»:

«Я заўсёды любіў сваю краіну, толькі што ня меў часу, каб вывучыць нашу прыгожую мову, бо выправіўся ў Нарвэгію яшчэ маленькім. Спадзяюся, што новае пакаленьне беларускіх дзяцей натхніцца маім сьпевам па-беларуску».

“Europe’s Skies” у беларускай інтэрпрэтацыі мае назву “Небасхіл Эўропы”. Узяўся перакласьці яе паэт Глеб Лабадзенка.

“Аляксандар крануў мяне яшчэ сваім выкананьнем “Купалінкі” ў Менску па-беларуску. Што казаць – бліскучым выкананьнем! І таму калі выпала магчымасьць перакласьці для яго “Небасхіл”, я ўспрыняў гэта з натхненьнем. Бо ўкласьці беларускую мову ў вусны такога папулярнага выканаўцы – пачэсная справа. Не бяруся ацэньваць уласную працу, але запісаную песьню слухаю з прыемнасьцю. Жывучы ў Нарвэгіі, Аляксандар сьпявае па-беларуску абсалютна без акцэнту і вельмі шчыра”, – кажа перакладчык.

“Паэтычная праца Лабадзенкі мне прыйшлася даспадобы. “Небасхіл” – вельмі цудоўнае слова, асабліва калі згадваеш маляўнічую прыроду Беларусі”, – зазначае Аляксандар.

Беспасярэдні ўдзел у працы над беларускай вэрсіяй узяла яго маці – Натальля Рыбак. Яна тлумачыла Сашу не да канца зразумелыя словы, сачыла за вымаўленьнем падчас працы ў студыі. “Не забылася яшчэ на беларускую, хоць за ўвесь час, як мы жылі ў Нарвэгіі, не давялося пагаварыць на нашай цудоўнай мове”, – прызнаецца Натальля Рыбак.

Песьню “Небасхіл Эўропы”, запісаную для праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”, Аляксандар Рыбак мяркуе ўключыць і ў беларускае выданьне свайго другога студыйнага альбому, выхад якога заплянаваны на восень.

Аляксандар Рыбак – “Небасхіл Эўропы”

Your browser doesn’t support HTML5

Аляксандар Рыбак – “Небасхіл Эўропы”



Аляксандар Рыбак – “Небасхіл Эўропы” (муз. А.Рыбак, сл. А.Рыбак, Томас Варнэс , беларускі тэкст – Глеб Лабадзенка)

Супакой мяне на небе душы,
У сэрцы любоў ты запішы.
Вывучаю я цябе да драбніц,
Мару з табой разам сасьніць

Горы, рэкі, гаі, лугі,
Тут мой дом, тут берагі.

Небасхіл Эўропы, зноў малады,
З высі глядзіць на гарады.
Да душы тваёй таемнай сьвятло
Шляхам начным зноў прывяло.

Прамінаюць карагодам зямлі
Нашых вачэй два караблі.
Дакраніся да паветраных крыл,
Мы паплывем за небасхіл.

Сонца, зоры, лясы, сусьвет –
Мы глядзім з вышыні плянэт.

Небасхіл Эўропы, зноў малады,
З высі глядзіць на гарады.
Да душы тваёй таемнай сьвятло
Шляхам начным зноў прывяло.