Сьледчыя цікавяцца працай віцебскага «Вольнага форуму вольнага гораду»

Сяргей Серабро

Заснавальніка форуму Сяргея Серабро ўжо другі раз дапыталі ў Дэпартамэнце папярэдніх расьсьледаваньняў. Сьледчыя працягваюць праверку адносна допісу з заклікам да агульнабеларускага бестэрміновага страйку 3 ліпеня.

Паводле Сяргея Серабро, сьледчыя пыталіся, дзе знаходзіцца ён асабіста, калі працуе з форумам у якасьці адміністратара. Таксама яны выказалі жаданьне папрысутнічаць падчас такой працы, каб паглядзець ІР-адрасы наведнікаў. Ад гэтага Сяргей Серабро катэгарычна адмовіўся:

«Ня выключана, што службоўцы хацелі б завалодаць канфідэнцыйнай інфармацыяй пра тых, хто наведвае форум, і атрымаць доступ да форуму з правамі адміністратара. Я не магу гэтага дазволіць. Таму я прапанаваў толькі раздрукоўку наведваньняў аднае тэмы — пра страйк 3 ліпеня, дзе першы допіс належыць асобе, якая назвала сябе Сяргеем Рыжовым. У мяне ўжо пыталіся, ці ўпэўнены я, што на форум пісаў менавіта прэтэндэнт на ўдзел у мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Рыжоў. Але я не магу гарантаваць таго, што гэта сапраўднае імя карыстальніка».

Па факце закліку да страйку праз інтэрнэт віцебскі Дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў праводзіць сьледчую праверку.