МВФ: дзьве кандыдатуры на старшыню

Партрэты двух кандыдатаў.

Міжнародны Валютны фонд абвясьціў пра двух кандыдатаў, зь якіх будзе абраны новы старшыня арганізацыі. Імі сталі міністр фінансаў Францыі Крысьціна Лягард і старшыня Цэнтральнага банку Мэксыкі Аўгусьцін Карстэнс. Кандыдатура кіраўніка Ізраільскага банку Стэнлі Фішэра была адхіленая з-за ўзроставай мяжы: Фішэру ўжо 67 гадоў, у той час як прадугледжаны максымум для гэтай пасады – 65. МВФ таксама паведаміў, што выканаўчая рада у складзе 24 сябраў правядзе інтэрвію з абранымі кандыдатамі перад выбарамі старшыні. Рада МВФ вызначыла 30 чэрвеня як апошнюю дату, калі арганізацыя будзе мець новага кіраўніка.

Папярэдні кіраўнік фонду Дамінік Строс-Кан падаў у адстаўку ў сувязі са скандалам і абвінавачваньнем яго ў сэксуальных дамагальніцтвах да пакаёўкі ў нью-ёркскім гатэлі. Строс-Кан адкідае абвінавачваньні, але пакуль застаецца пад сьледзтвам.