Больш за 12,8 трыльёна рублёў уклалі ў сельскую гаспадарку Беларусі ў 2009 годзе. Такую лічбу назваў сёньня міністар фінансаў краіны Андрэй Харкавец у Палаце прадстаўнікоў, дэпутаты якой 10 чэрвеня зацьвердзілі справаздачу ўраду аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2009 год.
Андрэй Харкавец сказаў, што, нягледзячы на фінансавы крызіс, фінансаваньне сельскай гаспадаркі працягвалася і нарошчвалася:
«Агульная сума дзяржаўнай дапамогі аграрнаму сэктару эканомікі летась склала больш за 12,8 трыльёна рублёў. У гэты разьлік уключаныя фінансаваньне зь бюджэтаў усіх роўняў, пазыкі, рэструктурызацыя запазычанасьцяў, адтэрміноўка плацяжоў, крэдыты банкаў пад гарантыі ўраду і мясцовых органаў улады».
Эканамічны аглядальнік Кастусь Скуратовіч тлумачыць, чаму менавіта аграрыям дастаюцца такія велізарныя грошы. І дадае, што так будзе і надалей:
Паводле маіх разьлікаў, гэта дзесьці пад 20 трыльёнаў, калі браць агулам праграму адраджэньня вёскі.
Між тым справа ідзе да таго, што Беларусь вымушана будзе зьменшыць дзяржаўную падтрымку аграпрамысловаму комплексу. На круглым стале, які ўчора прайшоў у Казахстане, высьветлілася, што ровень падтрымкі аграрыяў у краінах Мытнага саюзу «тройкі» розны. Так, у Расеі ён складае толькі 2,5% ад кошту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, у Казахстане — 4,5%, а ў Беларусі — 18%. Экспэрты прапанавалі зрабіць яго аднолькавым для кожнай краіны на адзінай эканамічнай прасторы, зафіксаваўшы на ўзроўні 10%.
Кастусь Скуратовіч лічыць: калі нават Казахстан і Расея настояць на такім рашэньні, Беларусь знойдзе нейкі спосаб і надалей актыўна фінансаваць сельгасвытворцаў:
«Дапамагаць жа можна па-рознаму. Можна выдзяляць ільготныя крэдыты для гаспадарак, якія пераходзяць на інтэнсіўныя тэхналёгіі. І такім чынам валавы аб’ём вытворчасьці ня зьменшыцца. Датацыі — гэта агульная практыка. На Захадзе стрымліваюць вытворчасьць, каб не было крызісу перавытворчасьці. А ў нас грошы размазваюць, як масла па бутэрброду, дзеляць на ўсіх. А калі адпусьціць цэны на прадукты, то адразу выявяцца лідэры і аўтсайдэры. Аўтсайдэры сыдуць з рынку. І тады вельмі выразна вызначаецца, каму дапамагаць, каму даваць датацыі. З надзеяй, што гэтыя грошы калісьці вернуцца. А ў нас ідзе фінансаваньне зь дзяржбюджэту, быццам у краіне існуюць ня дзьве тысячы сельгаспрадпрыемстваў, а адзін вялікі саўгас, якім камандуе Мінсельгасхарч»