Арцём Дубскі не выключае, што абвесьціць у калёніі галадоўку

Арцём Дубскі

Вязень магілёўскай калёніі, актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі кажа, што, магчыма, пачне галадоўку пратэсту супраць ціску ня яго з боку адміністрацыі калёніі.
Пра гэта паведаміла маці вязьня Алена Дубская, якая 19 сакавіка сустрэлася з Арцёмам ў калёніі:

«Як выйшаў з турэмнага ізалятару, ціск ня яго пайшоў з усіх бакоў: пагоршылі бытавыя ўмовы, не выпускаюць з калёніі ягоныя лісты, нават заказныя, абмежавалі ў леках. Ён сапраўды дрэнна выглядае, кажа, што ў яго ўвесь час баліць страўнік. Сядзець ад сёньня яму засталося 69 дзён, але ён не выключае, што частку іх зноў прывядзе ў „карцэры“. Казаў: „Хай яны ня думаюць, што змогуць мяне зламаць“. Ён там зноў сабраў подпісы за тое, каб далі магчымасьць больш набываць тэлефонных картак, з гэтым там проста бяда».

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу ў абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.