Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і партый, якім шмат гадоў адмаўляюць у рэгістрацыі, прынялі зварот з заклікам правесьці круглы стол з удзелам прадстаўнікоў дзяржавы.
15 сакавіка ў офісе БНФ сустрэліся прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацый і партый, якім беларускія ўлады не даюць рэгістрацыі, а таксама тых, якія шмат гадоў знаходзіцца пад ціскам уладаў. На сустрэчу сабраліся прадстаўнікі БХД, “Маладога фронту”, Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Асамблеі няўрадавых арганізацый, царквы “Новае жыцьцё” ды іншых арганізацый. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што іх права на свабоду асацыяцый, а таксама іншыя правы трывала парушае беларуская дзяржава. Быў прыняты зварот да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, у якім падпісанты прапануюць правесьці круглы стол з удзелам прадстаўнікоў дзяржавы і просяць эўрапейскія структуры падтрымаць іх у гэтай справе. Чаму без пасярэдніцтва Эўропы сытуацыя падаецца невырашальнай?
Праваабаронца Юрый Чавусаў заявіў, што становішча з правам на асацыяцыі ў Беларусі не палепшылася пасьля таго, як улады краіны абвясьцілі “лібэралізацыю”. За 2009 год было зарэгістравана толькі 19 грамадзкіх арганізацый і ніводнай партыі. 34 арганізацыі атрымалі адмову. Некаторыя зь іх спрабуюць зарэгістравацца шмат гадоў — напрыклад, “Малады фронт” ці БХД. Звароты ў суд не даюць ніякага выніку, адзначае Юрый Чавусаў:
“Суды ніколі не задавальняюць такога кшталту скаргі. Летась быў толькі адзін выпадак, калі зварот у суд прывёў да рэгістрацыі — гэта выпадак з “Цэнтрам падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў”. І то гэта здарылася ня ў выніку судовага рашэньня, а проста Мін’юст зьмяніў сваё меркаваньне”.
Прыкладам ціску праз падзел грамадзянаў на “сваіх і чужых” праваабаронцы лічаць гісторыю канфлікту двух саюзаў палякаў. Люцына Петрулевіч прадстаўляе саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Жанчына распавяла, як актывістаў польскай меншасьці ўлады спачатку раскалолі на дзьве арганізацыі, праўладную і тую, якой кіруе Анжаліка Борыс. Потым — як у саюзу адабралі 14 з 16 Дамоў польскіх, створаных на грошы Польшчы, а нядаўна адабралі і 15-ты Дом польскі ў Івянцы:
“Тады мы напісалі зварот, да Лукашэнкі. Каб ён разабраўся з тымі чыноўнікамі, якія нас ігнаруюць і ня хочуць з намі размаўляць. Адказу дагэтуль няма, але ўсім, хто падпісаў гэты ліст, пачалі званіць. Ці гэта вы падпісвалі, ці не падроблены подпіс, будзе лепш, каб забралі подпіс. Ішла такая апрацоўка”, — паведаміла Люцына Петрулевіч.
Пра падобны ціск на актывістаў распавёў таксама Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі БХД. Які быў вынік ціску? З больш як тысячы актывістаў, якія падпісаліся пад устаноўчымі дакумэнтамі партыі, толькі некалькі адклікалі свае подпісы, паведаміў Віталь Рымашэўскі.
Сытуацыя ў Беларусі адметная яшчэ і тым, што ў Крымінальным кодэксе працягвае дзейнічаць артыкул 193-прым, які прадугледжвае зьняволеньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбыў у вязьніцы 1,5 года паводле гэтага артыкула. Актывіст нагадаў пра “заганнае кола”: арганізацыю шмат гадоў не рэгіструюць, кажучы, што яна аб’ядноўвае былых злачынцаў, і пры гэтым караюць за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі:
“І ў нас няма ілюзіяў, што нешта зьменіцца пры дзейнай уладзе. Калісьці Лукашэнка сказаў, што не дапусьціць у Беларусі дзейнасьці “Маладога фронту”, і з таго часу мала што мяняецца”.
Некаторыя арганізацыі ў Беларусі — прыкладам, “Малады фронт”, “Вясна” ды іншыя — заявілі, што будуць дзейнічаць, нават ня маючы рэгістрацыі. Удзельнікі круглага стала казалі, што дзякуючы рашучасьці гэтых актывістаў улады апошнім часам спынілі практыку перасьледу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, хоць і не адмянілі гэты “ганебны”, на думку праваабаронцаў, артыкул.