Суд не аднавіў на працы прафсаюзнага актывіста

Менскі абласны суд адмовіў у задавальненьні касацыйнай скаргі актывісту незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці з Жодзіна Юрыю Лобану. Заяўнік прасіў прызнаць несправядлівым рашэньне гарадзкога суду Жодзіна, якім адмоўлена ў ягоным аднаўленьні на працы.
Юры Лобан быў звольнены з жодзінскага заводу “БелАЗ” на падставе заканчэньня працоўнага кантракту. Аднак цягам пяці гадоў працы на прадпрыемстве Юры Лобан ня меў спагнаньняў, атрымоўваў матэрыяльныя заахвочваньні за добрую працу. Адначасна ён праводзіў актыўную дзейнасьць у якасьці сябра незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці. Лідэры прафсаюзу заяўляюць, што гэта і сталася сапраўднай прычынай звальненьня.

Цягам двух месяцаў Юрыю Лобану адмаўляюць у працаўладкаваньні ў Жодзіне. Ён мае трохгадовую дачку, маці дзяўчынкі таксама беспрацоўная. Гэткім чынам, сям’я страціла сродкі да існаваньня.

Старшыня абласной арганізацыі РЭП Мікалай Пахабаў заяўляе, што гэткім чынам улады Беларусі адмыслова пазбаўляюць чалавека працы, чым парушаюць адпаведны артыкул Канстытуцыі краіны. “Лукашэнка, не парушай Канстытуцыю”, “Адмяніць дэкрэт № 29”, “Працу Юрыю Лобану” — з такімі плякатамі актывісты незалежнага прафсаюзу мяркуюць выйсьці на пікет у падтрымку Юрыя Лобана, які заплянаваны на 25 лютага. Таксама зараз рыхтуюцца дакумэнты на разгляд справы Юрыя Лобана ў судах вышэйшай інстанцыі, паведаміў “Свабодзе” Мікалай Пахабаў.