Палякам, на землі якіх упаў Су-27, выплацілі кампэнсацыі

Кампэнсацыю на агульную суму 80 тысяч злотых (ці блізу 30 тысяч даляраў) атрымаюць сем прыватных гаспадароў, на чые зямельныя надзелы летась у жніўні ўпаў беларускі ваенны самалёт. Пра гэта польскаму агенцтву РАР паведамілі ў Радамскім магістраце.

Нагадаем, што падчас авіяшоў у польскім горадзе Радам адбылася катастрофа беларускага зьнішчальніка Су-27, якім кіравалі ваенныя пілёты – палкоўнікі Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч.

Землеўладальнікі зь вёскі Маленчын пад Радамам запатрабавалі ад арганізатараў шоў кампэнсацыі ў агульным памеры больш за 150 тысяч злотых (каля 50 тысяч даляраў) у зьвязку са зьнішчэньнем пасеваў. Аднак к выніку бакі пагадзіліся на меншую суму – 80 тысяч даляраў. Сродкі выплаціць грамадзка-культурнае таварыства “SWAT”, якое займалася фінансавым бокам мерапрыемства.

Загіблыя пілёты Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч былі пахаваныя ў верасьні 2009 году на могілках у Баранавічах, дзе і раскватараваная авіяцыйная частка.