Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 31 жніўня, панядзелак.
Напярэдадні новага навучальнага году слухачы выказваюцца на тэму прысутнасьці беларускай мовы ў школе і грамадзкім жыцьці.
Анатоль: “Паважаная “Свабода”! З сумам сачу за тым, як рэгулярна некаторыя акадэмікі і прафэсары, літаратары ды артысты зьвяртаюцца з чалабітнымі пра разьвіцьцё беларускай мовы да тых, хто ўжо шмат гадоў руйнуе нашу сьвятую мову. Радуе, што падпісантаў з кожным разам усё менш. Мусіць, паважаныя акадэмікі ды прафэсары пачалі разумець, што вялікія і малыя дыктатары ніколі ня зьвернуць увагі на чалабітчыкаў. За родную мову трэба змагацца, яе вяртаньня трэба патрабаваць, а не выпрошваць у дыктатараў”.
Спадарыня: “Вось адкажыце на пытаньне: чаму Казулін так выказваецца за беларускую мову, а свайго ўнука ці ўнучку аддаў у расейскую школу?”
На пытаньне адказвае дачка Аляксандра Казуліна і маці ягонага ўнука Ўладзіслава Вольга Казуліна:
“Так, сапраўды, мы аддалі дзіця, а гэта хлопчык Улад, у расейскамоўную школу. Галоўная прычына — тое, што ў нас занадта мала людзей дасканала валодаюць беларускай мовай. Калі мы знойдзем такога выкладчыка, то абавязкова возьмем курсы беларускай мовы. А была б такая магчымасьць, то аддалі б яго ў ангельскамоўную. Бо кожны выхаваны чалавек павінен валодаць іншай замежнай мовай”.
У працяг тэмы яшчэ адно выказваньне пра беларускую мову ў сярэдніх школах:
Валер Брыль, Маладэчна: “Сёлета ў горадзе Маладзечне не стварылі аніводнае першае беларускамоўнае клясы ў ніводнай са школ. Мы, беларусы, адракаемся ад мовы, якую даў нам Бог”.
Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня, старшыня Лідзкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, рэдактар газэты “Наша слова” і краязнаўчага часопісу “Лідзкі летапісец” Станіслаў Суднік:
“Склаўся цэлы комплекс прычын для гэтага. Гэта нацыянальны нігілізм, які застаўся ў спадчыну ад Савецкага Саюзу, гэта рэфэрэндум, які быў скіраваны супраць беларускай мовы, гэта працэсы глябалізацыі. Кожны чалавек прагматычна глядзіць, дзе ягонаму дзіцяці будзе лепш. Таму я ня стаў бы вінаваціць ні людзей, якія пішуць заявы ў расейскія клясы, ні беларускія ўлады. Аднаму ТБМаўцу цяжка супрацьстаяць працэсам глябалізацыі. Таму неабходны дзяржаўны комплекс мер у падтрымку і абарону беларускай мовы”.
У Менску працягваецца супрацьстаяньне вернікаў царквы “Новае жыцьцё” з гарадзкімі ўладамі за будынак царквы, які раней быў кароўнікам прыгараднай гаспадаркі, а цяпер адсуджаны на карысьць Менскага гарвыканкаму. У царкве кругласутачна дзяжураць вернікі, вядзецца бесьперапыннае маленьне. Выказваньне на гэтую тэму:
Спадар: “Я лічу, што “Новае жыцьцё” павінна аддаць свой будынак. Па-першае, усялякая ўлада ад Бога, так што гэта ня ўлада загадвае. Па-другое, калі хто запатрабуе верхнюю вопратку, аддай яму і кашулю, калі хто загадае ісьці зь ім адну адлегласьць, ідзі дзьве. Вернікі павінны аддаць будынак і прыплаціць яшчэ”.
Працягваем праграму рознымі іншымі выказваньнямі:
Спадарыня, Ліда: “Вось і дажыліся, як кажуць. За што бароліся, на тое напароліся. Змагаемся з п’янствам, а ў нас ужо вольны продаж цыгарэт і гарэлкі нават на рынку, у любым шапіку. Абвясьцілі ў “Лідзкай газэце”, што будуць прадаваць на рынках, усюды гарэлку. Нармальныя людзі забараняюць гэтую гарэлку, скарачаюць гадзіны продажу, а тут ужо на рынку. Калі ласка, прыходзь, бяры цыгарэты, гарэлку. Дзе ж барацьба за чалавека? Мы ж ужо сьпіліся ўсе, у нас няма працоўнага люду, ужо ўсе валяюцца п’яныя — і начальнікі, і працоўныя. Во як мы перажываем за чалавека, за працоўнага”.
Спадар: “Адзін таварыш па вашым радыё казаў, каб дзень пражыць без Лукашэнкі. Так ён ненавісны. Ён ня мае рацыі. Больш за 10 год мы атрымлівалі газ з Расеі па кошце Смаленскай вобласьці, ужо за гэта яму помнік трэба ставіць. Лукашэнка ўсяляк стараецца і робіць, няма яму замены, няма. Гэты таварыш проста ня мае рацыі, азлоблены, няма замены Лукашэнку”.
Яцкевіч: “Вось ужо не аднойчы чую з вуснаў прэзыдэнта, як мы будзем гатовыя ўжо ў зямлянках жыць, каб ня страціць наш сувэрэнітэт. На чорта мне такі сувэрэнітэт, за якім я буду жыць у зямлянцы? Я лепш буду жыць у рабстве, але хаця б раз на год буду езьдзіць па ўсім сьвеце, як людзі, і жыць, як людзі, і як калека, льготамі карыстацца ў той краіне, да якой патраплю ў рабства. Мне падаецца, рабства ў 21 стагодзьдзі ў Эўропе больш няма, як у нас”.
Яўгенія Казлова, Ворша: “Не магу маўчаць, пачуўшы размову спадара Міхася Скоблы са спадаром Дранчуком. Людзі, не маўчыце, паўставайце на абарону нашай зямлі, прыроды Белавескай пушчы. Зьвяртаюся і да спадара Лукашэнкі. Што вы робіце? Спыніце дзікае паляваньне на запаведных жывёлаў, якія павінны жыць пад прыглядам добрых людзей і зь іх дапамогай. Гэта барбарства — мэтадычнае зьнішчэньне Белавескай пушчы, яе векавых дубоў. Нават Гітлер такога не рабіў! Наша зямля належыць ня вам, а беларускаму народу і будучым пакаленьням”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.