У “Званках на Свабоду” слухачы гавораць пра саміт “Усходняга партнэрства” ў Празе, пра галадоўку салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам ды ягонымі паплечнікамі.
Супрацоўнік канцэрну “Белэнэрга” адказвае на пытаньне, як у Беларусі выкарыстоўваюць сонечную энэргію.
7-га траўня ў Празе пачаўся ўстаноўчы саміт праграмы ”Ўсходняе партнэрства”. Мэта праграмы — шчыльнейшае супрацоўніцтва ЭЗ з шасьцю краінамі на постсавецкай прасторы — Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай, паскарэньне рэформаў, збліжэньне нацыянальнага заканадаўства з эўрапейскім для наступнай эканамічнай інтэграцыі краін у эўрапейскую супольнасьць.
Беларусь у Празе прадстаўляюць першы намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Сямашка і міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў.
Спадарыня: “Лукашэнка баіцца ў Прагу, бо ў яго там хлусьня ня пройдзе. Засыплецца, як бедны студэнт. Будзе яму вельмі сорамна”.
4-ты дзень працягваецца галадоўка салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Ўладзімерам Асіпенкам. Штодзень моладзь ладзіць і вулічныя акцыі падтрымкі.
Аляксандар Лапіцкі: “Вялікую добрую справу робіць беларускае радыё “Свабода”, што агучвае барацьбу беларускай моладзі з рэжымам за волю і дэмакратыю”.
Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:
Канцавенка, Рэчыца: “У мэтах павышэньня каэфіцыенту карыснага дзеяньня і эканоміі любога віду паліва ў кацельных нашых гарадоў можна выкарыстоўваць бясплатную сонечную энэргію. Дык чаму ўрад, Акадэмія навук і іншыя навуковыя ўстановы не займаюцца гэтай праблемай, асабліва ў гэтыя складаныя эканамічныя часы для нашай краіны? Не сакрэт, што ЗША, Германія, Кітай, Ізраіль, Турцыя і нават такія нясонечныя краіны, як Англія, Ісьляндыя, Ірляндыя даўно выкарыстоўваюць сонца ў гэтых мэтах”.
Слухачу адказвае супрацоўнік канцэрну “Белэнэрга”:
“У нас выкарыстоўваюцца гэтак званыя цеплавыя калектары. Яны выкарыстоўваюцца збольшага на фэрмах. Сонечная энэргія награвае элемэнты і ваду. Вада выкарыстоўваецца для розных патрэбаў. Такіх глябальных сонечных электрастанцыяў мы не плянуем, бо ў нас ня так шмат сонца”.
Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:
Ільля Копыл: “Паслухаў тэлеперадачу з удзелам вязьня амэрыканскай і швэйцарскай турмаў, былога заўгаса пры прэзыдэнту Расеі Ельцыну, зараз так званага сакратара неіснуючай “саюзнай дзяржавы” Паўла Барадзіна. Той абсурд, які я пачуў зь яго вуснаў, ня ўкладваецца ў галаве. Так, ён сказаў, што дзякуючы саюзнай дзяржаве ў Беларусі створана 5 мільёнаў працоўных месцаў, але гэта нашмат больш, чым іх патрэбна ўвогуле. Далей ён сказаў, што Канстытуцыя ЗША перапісана з Канстытуцыі СССР, што пасьля Беларусі Расея аб'яднаецца з украінцамі і грузінамі, што ўладу на Беларусі мяняць нельга, каб не атрымаць яшчэ аднаго Юшчанку ці Саакашвілі, што ўся эўрапейская супольнасьць зь цягам часу ўвойдзе ў саюзную дзяржаву Беларусь-Расея, што ён ужо будуе новы саюз ГБР: Германія-Беларусь-Расея. Што да яго зьвярталіся кіргізы з просьбай у саюз. І шмат што яшчэ было сказана. Адным словам, я пачуў і ўбачыў цырк на дроце. Дзякуй за ўвагу”.
Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.