Сёньня ў Маскве ўтварылі камісію ў прававых аспэктах будаўніцтва так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Дзяржсакратар Павал Барадзін прызнаў, што ў Беларусі і Расеі дагэтуль многа разыходжаньняў, "прынамсі ў такой датклівай сфэры, як забесьпячэньне роўных правоў грамадзянаў дзьвюх краінаў".
Сустаршыні камісіі – старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі Віктар Камянкоў і старшыня думскага камітэту ў канстытуцыйным заканадаўстве Ўладзімер Плігін заявілі, што ў плянах новай камісіі вярнуцца да разгляду Канстытуцыйнага акту.
Гэта далёка ня першая спроба неяк прыдаць так званай саюзнай дзяржаве выгляд паўнавартаснай дзяржаўнай структуры. Раней з гэтага нічога сур’ёзнага не атрымлівалася. А Аляксандар Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што саюзнае будаўніцтва знаходзіцца ў застоі. Цяпер да працэсу падключылі юрыстаў. Яны будуць зьбірацца два разы на год.