Змагаючыся зь беспрацоўем, гарадзкія службы занятасьці прапануюць гарадзкім жыхарам пераехаць на вёску, дзе ёсьць шмат вакансій. За 2008 год на новае месца жыхарства перасяліліся 346 сем’яў, і лідэрам у гэтым працэсе, паводле афіцыйнай статыстыкі, стала Віцебская вобласьць. Аднак у справаздачах чыноўнікаў нічога не гаворыцца пра тое, што з кожным годам усё менш гараджан адгукаецца на прапановы зрабіцца перасяленцамі на вёску.
Перасяленьне гараджанаў у сельскую мясцовасьць – зусім ня новае вынаходніцтва цэнтраў занятасьці. Паводле дырэктаркі Віцебскага гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва Ніны Уладзімераўны (спадарыня прасіла не згадваць яе прозьвішча) у гэтым накірунку ўстанова працуе яшчэ з 1998 году, але штогод бывае ўсё менш ахвотных стаць перасяленцамі:
“Калі згадаць статыстыку, то мы перасялялі і 29, і 30 сем’яў. Глядзіце: у 1998 годзе – 31 сям’я, у 1999 – 34, а далей 33, 29, 24, 22, 20, 17, 16. І ў асноўным туды едуць вы разумееце, якія людзі. Так, было, што адмыслоўцы пераяжджалі – заатэхнік з жонкай, эканаміст. Але такое бывае дужа рэдка. У асноўным уладкоўваюцца жывёлаводамі, даярамі. І 75 адсоткаў сьпіваецца. Гэта таксама праўда”.
У асноўным уладкоўваюцца жывёлаводамі, даярамі. І 75 адсоткаў сьпіваецца. Гэта таксама праўда
Кожнаму перасяленцу выдаткоўваюцца “пад’ёмныя”. Калі наймальнік прымае на працу беспрацоўнага, дэлегаванага цэнтрам занятасьці, то апошні атрымлівае пяць бюджэтаў пражытковага мінімуму, і кожны член ягонай сям’і – па аднаму бюджэту пражытковага мінімуму. Калі ж перасяленец трапіў туды, дзе ўстойлівы кадравы дэфіцыт, то ён атрымлівае надбаўку – яшчэ два пражытковых мінімуму. Гэтая велічыня напрыканцы 2008 году складала 223 тысячы 660 рублёў, так што агульная сума атрымліваецца немалая. І некаторыя людзі спакушаюцца менавіта на гэтыя грошы, а як толькі сканчваецца гадавы тэрмін кантракту, заключанага з удзелам цэнтру занятасьці, перасяленцы зьяжджаюць адтуль, куды атрымалі накіраваньне і зноў трапляюць у беспрацоўныя.
Паводле дадзеных начальніка аддзела аграрнай адукацыі, кадравай і прававой работы Віцебскага аблсельгаспроду Надзеі Лахно, на Віцебшчыне вакантнымі застаюцца 250 пасад адмыслоўцаў і 1000 рабочых месцаў. Найбольш востра праблема дэфіцыту рабочых рук паўстала ў Лёзьненскам, Вушацкам і Гарадоцкім раёнах.
Беспрацоўнаму сябру Партыі БНФ Леаніду Аўтухову з Гарадка, якога звольнілі з працы за актыўную грамадзкую пазыцыю, мясцовы цэнтар занятасьці таксама прапанаваў пераехаць на вёску.
“Прапановы я атрымліваў у аграгарадок Мяжа. Але адмовіўся адразу. І ніводная працавітая, нармальная сям’я не пераехала з гораду ў вёску ў Гарадоцкім раёне. Наадварот, вяскоўцы імкнуцца пераехаць у Гарадок. Бо заробкі на вёсцы вельмі нізкія – вёска фактычна зьнішчана гэтай уладай”, -- кажа беспрацоўны Леанід Аўтухоў.
Напрыканцы мінулага году сярэдні заробак у галіне сельскай гаспадаркі на Віцебшчыне складаў 563 тысячы рублёў. Падвысіць заробкі няма як, бо кожная гаспадарка мае ў сярэднім па сем з паловай мільярдаў рублёў запазычанасьці дзяржаве. Так што грашовых пэрспэктыў у такім выпадку няма ні ў карэнных вяскоўцаў, ні ў перасяленцаў-гараджанаў.
Перадусім на вёсцы імкнуцца затрымаць моладзь, асабліва выпускнікоў сельскагаспадарчых навучальных устаноў са спэцыяльнай адукацыяй.