8 сьнежня ў Менск прыяжджае місія тэхнічнага садзейнічаньня ў пытаньняў грашова-крэдытнай палітыкі МВФ.
Экспэрты будуць знаходзіцца ў Беларусі да 15 сьнежня, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду.
Пасьля гэтага, у Менск прыедзе місія МВФ, якая працягне перамовы з урадам Беларусі, ці выдзеляць краіне 2 мільярды даляраў стабілізацыйнага крэдыту. Чакаецца, што перамовы адновяцца 15 сьнежня
Урад Беларусі і Нацыянальны банк зьвярнуліся 22 кастрычніка да МВФ па рэзэрвовы крэдыт у 2 мільярды даляраў ЗША.
Залатавалютныя рэзэрвы Беларусі, разьлічаныя па нацыянальнай мэтодзе, складаюць 4,9 мільярдаў даляраў ЗША. У верасьні яны скараціліся на 11,8% праз высокі попыт на валюту.
29 верасьня – 4 кастрычніка ў Беларусі працавала традыцыйная штогадовая місія МВФ, якая вывучала эканамічную сытуацыю і выпрацоўвала рэкамэндацыі ў галіне эканамічнай палітыкі.
17-30 верасьня ў Менску працавала сумесная місія Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветанага банку, якая станоўча ацаніла вынікі дзеяньняў ураду Беларусі ў фінансавым сэктары ад моманту папярэдняй місіі ў 2004 годзе.
За пэрыяд супрацоўніцтва Беларусь атрымала ад МВФ 2 траншы крэдыту па праграме сыстэмнай трансфармацыі ў жніўні 1993 году ($98 мільёнаў) і ў лютым 1995 году ($101,7 мільёнаў), а таксама адну траншу крэдыту stand-by ў верасьні 1995 году($101,7 мільёнаў).
Пасьля гэтага фонд болей не выдаваў крэдыту Беларусі, бо эканамічная палітыка краіны не адпавядала рэкамэндацыям гэтай міжнароднай арганізацыі.
На пачатку 2004 году ўрад Беларусі і Нацыянальны банк заявілі, што спыняюць шматгадовыя перамовы з МВФ. На дадзены момант Беларусь ня мае абавязкаў па папярэднім крэдытам МВФ. 1 лютага 2005 году адбыўся апошні плацёж па крэдытам МВФ.
Беларусь зьяўляецца сябрам МВФ ад 1992 году.