Сёньня дваццаць першы дзень расейскага нападу на Ўкраіну. Тут падсумаваньне падзеяў за 15 сакавіка:
Дата дня
16 сакавіка 1964 году ў Менску нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Таксама ў гэты дзень
1597 — Віцебск атрымаў Магдэбурскае права.
1707 — праз аб’яднаньне каралеўстваў Англіі і Шатляндыі была створаная Вялікая Брытанія.
2014 — прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.
У гэты дзень нарадзіліся
1757 — Ёсіп Казлоўскі, беларускі кампазытар, які быў таксама настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар палянэзу «Гром победы раздавайся» (на словы Гаўрыіла Дзяржавіна), які быў доўгі час гімнам Расейскай імпэрыі.
1890 — Саламон Міхоэлс, тэатральны актор і рэжысэр, забіты ў Менску ў 1948 годзе на загад савецкіх спэцслужбаў.
1927 — Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
1946 — Мікалай Кірычэнка, актор, які таксама ўзначальваў Нацыянальны Купалаўскі тэатар.
У памяці
2000 — Павал Пруднікаў, беларускі пісьменьнік, які зазнаў савецкія рэпрэсіі 30-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».
2016 — Сяргей Ханжанкоў, удзельнік антысавецкага супраціву 1960–1970-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст., палітвязень.