Пра гэта сайту «Першы Рэгіён» паведамілі журналісты выданьня з Ганцавічаў. Гэта ня першы прыход сілавікоў у рэдакцыю сёлета.
Пакуль невядома, прадстаўнікі якой структуры наведаліся ў рэдакцыю і якая ў іх мэта.
Папярэдні раз у рэдакцыю «Ганцавіцкага часу» прыходзілі 5 кастрычніка гэтага года супрацоўнікі Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю. Тады забралі некаторую кампутэрную тэхніку, якую не вярнулі да гэтага часу.
Да гэтага быў шэраг ператрусаў летам — як у рэдакцыі, так і ў работнікаў. Тады апаратуру забіралі супрацоўнікі КДБ. Супрацоўнікам казалі, што праходзяць у якасьці сьведкаў. Аднак пасьля таго, у канцы лістапада ўсю тэхніку рэдакцыі і журналістам вярнулі.
За год у рэдакцыі і ў супрацоўнікаў прайшло больш за 15 ператрусаў і аглядаў.
Ад студзеня 2022 году дзяржаўная друкарня ў Берасьці вырашыла не працягваць дамову з ганцавіцкай рэдакцыяй.
Паведамленьне аб скасаваньні дамовы прыйшло 30 лістапада па электроннай пошце з подпісам намесьніцы дырэктара Берасьцейскай друкарні Ірыны Іванісік.
Пазьней у тэлефоннай размове яна патлумачыла, што «мяняецца загрузка». На дадатковае пытаньне, чаму пра гэта ня ўказана ў электронным паведамленьні, адказала: «А навошта?».
Як зазначыў галоўны рэдактар Пятро Гузаеўскі, 20 гадоў «Ганцавіцкі час» сумленна выконвае сваю працу на карысьць чытачоў у раёне і за яго межамі.
«Мы спрабавалі дапамагчы шматлікім людзям: падымалі актуальныя праблемы, трымалі чытачоў у курсе падзеяў на Ганцавіцкім раёне і ня толькі. Аб’ектыўна пісалі гісторыю раёну. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і давяраў нам».
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».