Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі экспэрт: Пуцін рыхтуе лякальную ядзерную вайну


Андрэй Піянткоўскі
Андрэй Піянткоўскі

Пуцін будзе гуляць з Захадам ня ў ядзерныя шахматы, а ў ядзерны покер, падвышаючы стаўкі, і Захад у крытычны момант здрыганецца і адступіць. Такое меркаваньне выказаў Андрэй Піянткоўскі ў блогу на сайце расейскай службы Радыё Свабода. Піянткоўскі — вядомы расейскі палітоляг. У мінулым — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сыстэмнага аналізу РАН, экспэрт па ядзернай стратэгіі. У 2016 годзе эміграваў у ЗША.

Прапануем вам пераклад блогу ў скароце.

  • Пуцінскі міт памёр восеньню 2018-га
  • Сілавы рэсурс Пуціна не дазваляе яго атачэньню адхіліць яго ад улады
  • Ні аншлюс Беларусі, ні далучэньне Данбасу не выклічуць энтузіязму, хутчэй, наадварот, раздражненьне
  • Пуцінскі плян перамогі ў ядзернай (абавязкова ў ядзернай!) вайне высьпеў канцэптуальна да пачатку 2014 году
  • Пуцін будзе гуляць з Захадам ня ў ядзерныя шахматы, а ў ядзерны покер, падвышаючы стаўкі, і Захад у крытычны момант здрыганецца і адступіць
  • Ужо шосты год Расея дрэсіруе амэрыканцаў, як сабаку Паўлава, выпрацоўваючы ўмоўны рэфлекс адступленьня перад гатоўнасьцю расейцаў да эскаляцыі канфлікту

Бясконцыя дваццаць гадоў вадзілі Расею крамлёўскія Майсеі ад прапаганды па пустыні пуцінскага міту, пакуль не падступілі, нарэшце, непазьбежная экзыстэнцыйная нуда і млоснасьць. Пуцінскі міт памёр восеньню 2018-га. Хрыбет цярпеньня нашага добрага народу пераламала саломінка пэнсійнай рэформы.

«Эліты», тым ня менш, патрабуюць працягу банкету. Але яны здагадваюцца, што пад імі хаос варушыцца. Сацыёлягі аднадушна ацэньваюць працягласьць прамежку паміж сьмерцю структураўтваральнага міту і сацыяльнымі хваляваньнямі прыкладна ў адзін год. Значыць, восень 2019-га. Значыць, прынцыповыя рашэньні трэба прымаць ужо сёньня.

Кіруючай клептакратыі давядзецца знайсьці стратэгію транзыту пасьля сьмерці пуцінскага міту тут і цяпер. Першае скрыжаваньне — альбо адхіленьне ад улады паплечнікамі правадыра, які страціў магічную сілу альбо, наадварот, перазагрузка яго экстраардынарнымі сродкамі. Выбар таго ці іншага сцэнару вызначаецца ў першую чаргу суадносінамі сілавых рэсурсаў, ляяльных тым ці іншым ключавым постацям. Ёсьць падставы меркаваць, што існы сёньня сілавы рэсурс деміталягізаванага правадыра не дазваляе яго асяродку правесьці стандартную ў такіх выпадках працэдуру.

Ні аншлюс Беларусі, ні далучэньне Данбасу ня выклічуць энтузіязму, хутчэй, наадварот, раздражненьне.

Застаецца рэінкарнацыя. Але якімі сродкамі? «Крымнаш» ужо не працуе. Імпэрскія комплексы бударажаць «эліту», але да іх усё больш абыякавыя масы. Ні аншлюс Беларусі, ні далучэньне Данбасу ня выклічуць энтузіязму, хутчэй, наадварот, раздражненьне.

Пуцінскі плян перамогі ў ядзернай (абавязкова ў ядзернай!) вайне высьпеў канцэптуальна да пачатку 2014 году. Плян дзёрзкі ў сваёй парадаксальнасьці, вельмі сур’ёзны і мае ненулявы шанец на «посьпех».

Вы спытаеце, няўжо не агульнавядома, што ў сфэры ядзерных узбраеньняў Расея і ЗША, гэтак жа як і паўстагодзьдзя таму, знаходзяцца ў патавай сытуацыі дактрыны ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня? Так, гэта так, і ніякія мульцікі ці нават рэальныя новыя ўзоры ядзернай зброі не зьмянілі і ня здольныя зьмяніць гэтай базавай раўнавагі сіл дзьвюх дзяржаў у ядзернай сфэры.

Крамлёўскія ўладары перакананы, што перамогу ў Чацьвёртай сусьветнай вайне прынясуць ня новыя сыстэмы ядзернай зброі, а задуманая імі больш вытанчаная і нахабная стратэгія выкарыстаньня даўно наяўнай зброі. І што ў рамках гэтай стратэгіі яны валодаюць бясспрэчнай псыхалягічнай перавагай.

Ядзерная дзяржава, арыентаваная на зьмену статус-кво, якая валодае палітычнай воляй да такой зьмены, абыякавая да каштоўнасьці чалавечых жыцьцяў (сваіх і чужых) і пэўнай доляй авантурызму можа дамагчыся сурʼёзных зьнешнепалітычных вынікаў усяго толькі пагрозай.

Пуцінскі парадак дня Чацьвёртай сусьветнай вайны не ставіць на мэце фізычнае зьнішчэньне ненавісных ЗША. Гэты сцэнар пакуль значна сьціплейшы: максымальнае пашырэньне «рускага сьвету», развал блёку NATO у выніку няздольнасьці ЗША выканаць свае абавязаньні па 5-м артыкуле статуту NATO, дыскрэдытацыя ЗША як гаранта бясьпекі Захаду, сыход Захаду з сусьветнай гісторыі.

Адмова абараняць Прыбалтыку ўжо азначала б іх капітуляцыю і паразу ў сусьветнай вайне.

Для пераходу да вырашальнай выніковай стадыі Чацьвёртай сусьветнай вайны неабходна, па задуме крамлёўскіх стратэгаў, увязацца ў нейкім рэгіёне за межамі расейскіх межаў у прамое ваеннае сутыкненьне з ЗША. Спачатку на канвэнцыйным ўзроўні. Зручней за ўсё, геаграфічна і палітычна, у Прыбалтыцы. Там амэрыканцы не змогуць ухіліцца ад сутыкненьня, як яны гэта зрабілі ў Сырыі, Лібіі і, падобна, нават у Вэнэсуэле. Адмова абараняць Прыбалтыку ўжо азначала б іх капітуляцыю і паразу ў сусьветнай вайне.

Баявыя дзеяньні пачынаюцца пасьпяхова для Расеі, якая выкарыстоўвае фактар раптоўнасьці, але паступова вымалёўваецца значная рэсурсная і тэхналягічная перавага ЗША і NATO. У гэты момант Крэмль прыступае да сваёй знакамітай «дээскаляцыі праз ядзерную эскаляцыю». Масква прадʼяўляе NATO ультыматум — спыніць баявыя дзеяньні, адступіць, пакінуўшы Расеі палітычна значныя тэрытарыяльныя здабыткі. У выпадку адмовы сапраўды наносяцца адзін-два ядзерных удары па цэлях у Эўропе. Тыя некалькі чалавек у Крамлі, якія будуць прымаць рашэньні, перакананыя, што Эўропа ўзмоліцца, каб Вашынгтон прыняў ультыматум. Калі ж амэрыканскія вайскоўцы адкажуць сувымерным ядзерным ударам па цэлях у Расеі, то Масква выкарыстае ўжо не дзьве-тры, а з дзясятак боегаловак, зь іх парачку па цэлях на тэрыторыі ЗША.

Гэтая дуэль можа працягвацца па нарастаючай ажно да апакаліпсісу ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня. Але ў Крамлі, на мой погляд, абсалютна ўпэўненыя, што першым здрыганецца Захад, і што зробіць ён гэта даволі хутка, на нулявой (шантаж) або на першай ступені ядзернай эскаляцыі. Ён будзе гуляць зь імі не ў ядзерныя шахматы, а ў ядзерны покер, падвышаючы стаўкі, і яны ў крытычны момант здрыгануцца і адступяць.

Дастаткова ўсяго толькі гатоўнасьці ахвяраваць жыцьцямі дзесяткаў мільёнаў людзей, сваіх, чужых, усё роўна.

Падзеньне Захаду зрабіла б як на імпэрскія «эліты», гэтак і на масы, якія сумняюцца, прыкладна такое ж аглушальнае ўражаньне, як падзеньне Францыі — на немцаў, якое зрабіла фюрэра безумоўным улюбёнцам нацыі. Гэта вам не аншлюс Беларусі ці Аўстрыі якой-небудзь. І для такога трыюмфу волі ўладарам Расеі ня трэба эканамічных, тэхналягічных ці вайсковых звышнамаганьняў. Дастаткова ўсяго толькі гатоўнасьці ахвяраваць жыцьцямі дзесяткаў мільёнаў людзей, сваіх, чужых, усё роўна.

Вонкава бязладныя вайсковыя прыгоды крамлёўскіх у розных рэгіёнах сьвету ўсё больш выбудоўваюцца ў стройную мазаіку з цэнтральнай дамінуючай ідэяй. Кожны рэгіянальны канфлікт, дзе зьяўляюцца «нашыя вайскоўцы», ад Сырыі да Вэнэсуэлы, Масква выкарыстоўвае палітычна перш за ўсё для вырашэньня адной выхаваўчай звышзадачы — прадэманстраваць гораду і сьвету (перш за ўсё амэрыканскаму гораду і сьвету), што Крэмль заўсёды будзе гатовы пайсьці на больш высокую ступень эскаляцыі канфлікту, на большую рызыку, на большыя ахвяры, чым Захад. Ужо шосты год Расея дрэсіруе амэрыканцаў, як сабаку Паўлава, выпрацоўваючы ўмоўны рэфлекс адступленьня перад гатоўнасьцю расейцаў да эскаляцыі канфлікту.

Вэнэсуэла — гэта ўжо генэральная рэпэтыцыя, за якой назірае ўвесь сьвет. Крамлю абсалютна абыякавыя самі па сабе Асады, Хафтары, Мадуры, утрыманьне іх ва ўладзе неабходна для паказальнага прыніжэньня ЗША, для дэманстрацыі псыхалягічнай немачы Вашынгтону пры ўсёй яго ваеннай і эканамічнай моцы, для далікатнай псыхалягічнай падрыхтоўкі ЗША да іх самай галоўнай капітуляцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG