У вёсцы Арындж непадалёк ад Ерэвану стаіць невялікі дом, які звонку не прыцягвае ўвагі. Але гэта адна з самых вядомых турыстычных славутасьцяў Армэніі апошніх гадоў. Тысячы людзей прыяжджаюць паглядзець на лябірынт падземных пячор і тунэляў пад домам і называюць яго «боскае падзямельле Левона».
Выкапаў падзямельле Левон Аракелян, які памёр у 2008 годзе. Як расказваюць яго родныя, жонка Левона, Тося Гарыб’ян папрасіла мужа выкапаць пад іх домам склеп, каб захоўваць бульбу. Левон пачаў капаць — і ўжо ня змог спыніцца да самай сьмерці.
Створаны ім комплекс мае плошчу 280 квадратных мэтраў, сыходзіць на глыбіню 21 мэтар і складаецца з сямі пакояў, злучаных калідорамі. Усе яны аздобленыя раманскага калёнамі і ўпрыгожаньнямі, падобнымі ды тых, што ёсьць на фасадах сярэднявечных армянскіх цэркваў.
Афіцыйна гэта ня храм: памяшканьне не асьвечана прадстаўнікамі царквы. Але многія турысты кажуць аб прысутнасьці ў падзямельлі нечага чароўнага і таямнічага. Жонка Левона распавядае, што муж быў літаральна «апантаны» сваім тунэлем і часта суткамі не паднімаўся на паверхню.
«Як толькі ён пачаў капаць, спыніць яго было немагчыма, — распавядае Тося. — Я шмат спрачалася з ім, але ён быў апантаны».
Мужчына працаваў па 18 гадзін у дзень і спыняўся толькі для таго, каб крыху паспаць, літаральна 3-4 гадзіны. А затым кідаўся назад у пячору, упэўнены, што яго вядуць нябёсы. У сваёй працы ён выкарыстоўваў толькі долата і молат: ніякіх электраінструмэнтаў і пагатоў ніякіх машын.
«Маё галоўны ўспамін дзяцінства — гучны стук малатка майго бацькі, які я чула кожную ноч з падзямельля», — распавядае 44-гадовая дачка Аракеляна, Аракся.
Левон Аракелян да выхаду на пэнсію быў прафэсійным будаўніком. Але ён казаў, што ня меў ніякага пляну, як будаваць храм пад домам. Калі жонка пыталася ў яго, у які бок ён будзе капаць, ён адказваў, што ўбачыць гэта «ў снах».
Спачатку яму давялося прарывацца праз паверхневы пласт чорнага базальту, але на глыбіні некалькіх мэтраў пачаўся мякчэйшы камень, туф, і праца пайшла хутчэй.
Туф — сітаваты вульканічны камень (менавіта зь яго пабудаваныя многія армянскія храмы і дамы), лёгка апрацоўваецца. І Левон пачаў экспэрымэнтаваць з аздабленьнем і арнамэнтам падзямельля.
За 23 гады працы будаўнік, паводле ўласных падлікаў, выцягнуў з падзямельля каля 600 грузавікоў з камянямі і зямлёй, выкарыстоўваючы пры гэтым толькі звычайныя вёдры. Тоны камянёў у яго забрала мясцовая будаўнічая кампанія.
Левон Аракелян памёр у 2008 годзе ва ўзросьце 67 гадоў ад сардэчнага прыступу. У гэты момант ён якраз разьбіраў апошнюю сьцяну, якая падзяляла два тунэлі, але ня змог скончыць працу.
Тося, удава будаўніка, кажа, што сумуе, калі спускаецца ў падземны сьвет, які стварыў яе муж. Але адначасова адчувае радасьць: «Я ганаруся тым, што ён пакінуў мне і нашым унукам. Гэта падарунак».
У сьвеце было некалькі выпадкаў, падобных да працы Левона Аракеляна.
Уільям Генры Шміт больш за 30 гадоў выкопваў ў пустыні Махавэ на паўднёвым захадзе ЗША тунэль для транспарціроўкі золата праз гранітную гару. Ён працаваў адзін, выкарыстоўваў вельмі прымітыўныя інструмэнты, а тоны горнай пароды выцягваў на паверхню спачатку на сьпіне, а потым на калясцы, запрэжанай асламі. Шміт пачаў сваю працу ў пачатку 1900-х гадоў падчас «залатой ліхаманкі». Тунэль пракладзены ў гары Эль-Паса і вядзе ў нікуды.
Аба Дэфар у Этыёпіі выразаў цэрквы на схіле гары, заявіўшы аб боскім натхненьні, якое прыйшло да яго ў сьне. Мужчына расказваў, што на працягу 30 гадоў бачыў адзін і той жа сон, у якім Сьвяты Дух паказваў яму высечаную ў скале царкву. Таму, каб пазбавіцца ад насланьня, Дафар з дапамогай простых інструмэнтаў выразаў чатыры царквы ў гарах.